Тэма 9.4. Гісторыя беларускай арфаграфіі

 

Сучасная беларуская арфаграфія бярэ свой пачатак з сярэдзіны 19 ст.– часу фарміравання новай беларускай літаратурнай мовы. Здабыткаў старога беларускага пісьменства новая літаратурная мова не атрымала зусім, таму адзінай яе апорай сталі жывыя беларускія гаворкі, на якія і арыентаваліся ў сваёй пісьмовай практыцы тагачасныя пісьменнікі. Беларуская мова не прызнавалася самастойнай, не выкарыстоўвалася ў школьным навучанні і афіцыйным ужытку. Ніякіх граматык ці нарматыўных беларускіх слоўнікаў у 19 ст. не было. Таму ў нешматлікіх тагачасных выданнях панаваў арфаграфічны і граматычны разнабой.

Пэўныя правілы правапісу пачалі складвацца ў першым дзесяцігоддзі (1906–15) легальнага функцыянавання беларускага друку. Выданне першай легальнай беларускай газеты «Наша ніва», вакол якой групаваліся лепшыя нацыянальныя культурныя сілы, удзел у газеце карэспандэнтаў з розных куткоў Беларусі стваралі магчымасць замацавання ў якасці нормаў найбольш пашыраных моўных з'яў.

«Наша ніва» – беларуская грамадска-палітычная, навукова-папулярная і літаратурна-мастацкая газета, якая выходзіла ў 1906–15 гг. у Вільні.

Асновай праграмы «Нашай нівы» было «будзіць у беларусаў пачуццё чалавека і грамадзяніна», голасна гаварыць пра яго патрэбы і правы (1909, № 50). Газета была трыбунай і выразніцай інтарэсаў рабочых і беднага сялянства. У ёй друкаваліся Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, Цётка, А. Гарун, Г. Леўчык, Ц. Гартны, У. Галубок, Қ. Буйло, 3. Бядуля.

Змяшчаючы артыкулы па спецыяльных і палітычных пытаннях, газета садзейнічала развіццю нацыянальнай свядомасці працоўных, выконвала асветніцкія задачы.

Газета друкавалася двума шрыфтамі – кірыліцай і лацінкай.

Прыход у літаратуру вялікага атрада пісьменнікаў з розных мясцовасцей Беларусі, удзел карэспандэнтаў з розных яе куткоў стварылі магчымасць замацаваць як норму найбольш пашыраныя моўныя з'явы. Асноўным прынцыпам правапісу стаў фанетычны. Для іншамоўных слоў быў выбраны этымалагічны прынцып, і слова пісалася так, як яно гучала ў мове, з якой было запазычана. У адпаведнасці з асноўным прынцыпам правапісу ў газеце адлюстравана найважней шая асаблівасць беларускай фанетыкі – аканне. Але пад уплывам гаворак з умераным аканнем у канчатках роднага склону адзіночнага ліку прыметнікаў і займеннікаў мужчынскага і ніякага роду пісалі о, калі націск быў на трэцім ад канца складзе, а калі на другім, то –  а (жывога народнаго духа, нічога кепскаго не зраблю, прыгожаго пісьменства). Паралельна з канчаткам -а ў назоўніках ніякага роду ў назоўным склоне адзіночнага ліку ўжывалася -о (земства будзе даваць і земство адкрыло школу, слова ў жывой мове і слово ўтраціло значэнне). Як норма ненаціскны канчатак -о ўжываўся ў прошлым часе дзеясловаў у формах ніякага роду (згарэло гумно, зазьзяло сонцэ). Устанавілася правіла захоўваць ненаціскное о ў запазычаных словах, уласных і геаграфічных назвах (констытуцыя, революцыя, філологічны, Копернік, у Одэсі) і ў каранях складаных слоў (нова- роджэны, чорнасоценцы). Адступленне ад акання назіралася ў назоўніках мужчынскага роду ў родным склоне множнага ліку з канчаткам -оў незалежна ад націску (бацькоў, паэтоў, студэнтоў, праектоў). Паслядоўна ў «Нашай ніве» захоўвалася ненаціскное э пасля шыпячых, ц і р (дужэ, раніцэю, сэрцэ, хочэцца, чалавечэства). У канчатках дзеясловаў пасля шыпячых ужываліся э і а, што адлюстроўвала суіснаванне рыс паўночна-ўсходняй і паўднёва-заходняй гаворак (Міхалка задрыжэў і маўчаў, пан закрычаў, задрыжаў).

Не выкрышталізавалася яшчэ адзіная норма ў перадачы злучэнняў галосных іo / ia, ыо/ ыа ў іншамоўных словах (офіцыяльна, перыод, спэціальны). У аснову правапісу зычных быў пакладзены марфалагічны прынцып.

Паслядоўна перадаваліся ў «Нашай ніве» характэрныя рысы беларускага кансанантызму: у якасці нормы замацоўваўся цвёрды р (курыць, прыгожые, хварэць); чаргаванне г - з, х - с, к - ц перад галоснымі пярэдняга рада (на беразе, на версе); пераход л і в пасля галоснага ў ў (крыўда, малакроўе, шаўковы).

У першыя гады існавання газеты (1906-07) асімілятыўнае змякчэнне не перадавалася (жыццё, смеласць, жаданне), а потым стала заканамернай з'явай (зьвер, павязьлі, сьведамасьць), хоць часам гэта правіла парушалася, мяккасць не адзначалася. У адпаведнасці з марфалагічным прынцыпам захоўваліся зычныя на стыку марфем і ў канцы слоў, гэта значыць асіміляцыя не перадавалася (барацьба, грузчык, падрадчык, падвёз санкі).

«Наша ніва» адыграла выключную ролю ў гісторыі беларускай літаратуры і літаратурнай мовы.  Вырашальным у фарміраванні беларускай літаратурнай мовы быў дзесяцігадовы «на-шаніўскі» перыяд. Беларускае слова атрымала права на легальнае пісьмовае бытаванне. За гэты час склаліся асноўныя правапісныя і граматычныя нормы [3, с. 396].

Аднак гэтыя нормы не былі апісаны і адлюстраваны належным чынам, таму часта парушаліся. Першыя спробы кадыфікаваць ар-фаграфічныя і граматычныя нормы беларускай мовы былі зроблены братамі. А. і Я. Лёсікамі, якія ў 1917 г. апублікавалі лацінскім шрыфтам дапаможнік «Як правільна пісаць па-беларуску», а ў 1918 г. на яго аснове выдалі «Беларускі правапіс». У гэты час выходзяць i іншыя дапаможнікі: «Беларуская граматыка» Б. Пачобкі, праект беларускай арфаграфіі «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» Р. Абіхта і Я. Станкевіча, але найбольш значным і ўдала распрацаваным сярод іх стала «Беларуская граматыка для школ» Б. Тарашкевіча, выдадзеная ў Вільні ў 1918 (пазней выйшла яшчэ шэсць выданняў гэтай граматыкі” [4, с. 49].

«Беларуская граматыка для школ” Б. А. Тарашкевіча - праца, у якой упершыню былі вызначаны правапісныя і граматычныя нормы сучаснай беларускай мовы. Надрукавана ў 1918 г. паралельна кірылаўскімі (76 с.) і лацінскімі (112 с.) літарамі ў знакамітай друкарні Марціна Кухты ў Вільні. Выхад яе як найлепш адпавядаў задачам нацыянальнага адраджэння беларускага народа, сярод якіх асабліва важнымі былі – упарадкаваць выдавецкую справу і школьнае навучанне на роднай мове.

“Спробы стварыць граматыку беларускай мовы, распрацаваць правілы перадачы яе на пісьме рабіліся яшчэ ў мінулым стагоддзі ў сувязі з друкаваннем запісаў фальклору і твораў тагачасных беларускіх пісьменнікаў. Быў назапашаны вялікі фактычны матэрыял пра асаблівасці жывой гаворкі беларусаў. Гэты матэрыял абагульніў і папоўніў Я. Ф. Карскі. Апісанню структуры жывой беларускай гаворкі (яе фанетыкі, марфалогіі, сінтаксісу) ён прысвяціў тры кнігі 2-га тома манаграфіі «Беларусы» (Варшава, 1908-12). Але правапісныя і граматычныя нормы беларускай мовы да выхаду граматыкі Тарашкевіча заставаліся па сутнасці нераспрацаванымі. Грамадска-палітычныя абставіны не спрыялі спробам літаратурнай апрацоўкі беларускай мовы, паколькі афіцыйна яна не прызнавалася самастойнай мовай і друкаванне на ёй усяляк абмяжоўвалася. Ды і практыка беларускага кнігадрукавання не магла адразу даць адказ, якія рысы з'яўляюцца найбольш тыповымі для беларускай мовы і іх неабходна замацаваць у якасці яе літаратурных норм. Толькі на пачатку 20 ст., калі выдавецкая справа на беларускай мове пашырылася і склаліся пэўныя традыцыі беларускага кнігадрукавання, стыхійна выпрацаваліся асобныя правілы пісьма і граматыкі, якія, аднак, не былі апісаны і замацаваны адпаведным чынам, а таму нярэдка парушаліся. Гэта прыводзіла да непаслядоўнасці, разнабою ў друку, перашкаджала навучанню беларускай мове.

З прапановай стварыць граматыку беларускай мовы звярнуўся Я. Купала ад імя Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні да Тарашкевіча яшчэ ў 1913 г., калі той быў студэнтам 3-га курса Пецярбургскага універсітэта. Да напісання граматыкі, паводле слоў самога Тарашкевіча, заахвочваў яго акад. A. А. Шахматаў. Ен жа і кіраваў працай Тарашкевіча над граматыкай. Значную дапамогу аказаў яму і акад. Я. Ф. Карскі. Сваім натхніцелем у працы Тарашкевіч называў яшчэ нямецкага прафесара-славіста Р. Абіхта.

У сваёй працы Тарашкевіч выйшаў за межы ўласна граматыкі – марфалогіі і сінтаксісу (як гэта было прынята ў тагачаснай лінгвістыцы). Яго праца складаецца з наступных раздзелаў: I. Гукі (г. зн. фанетыка); II. Часціны мовы (разглядаюцца назоўнік – «імя», прыметнік – «прымета», лічэбнік – «чысло», займеннік – «займа», дзеяслоў, прыслоўе, прыназоўнік – «прыймя», злучнік – «злуч», выклічнік – «кліч»); III. Падзел слова (г. зн. яго марфемная будова); IV. Правапіс; V. Сказ (г. зн. сінтаксіс). Такім чынам, апісваюцца ўсе ўзроўні моўнай сістэмы з пункту погляду іх нарматыўнасці, правіл перадачы на пісьме. Гэта хоць і сціслы, але поўны падручнік беларускай мовы. Правілы ў іх сфармуляваны дакладна, даходліва, ілюструюцца прыкладамі. Для іх замацавання даюцца заданні («задачкі») з тэкстамі, узятымі з твораў беларускіх пісьменнікаў і фальклору. Тарашкевіч здолеў, як ніхто да гэтага, выявіць галоўныя заканамернасці беларускай літаратурнай мовы, гістарычна абумоўленую сувязь яе фанетыка-граматычных рыс найперш з цэнтральнымі («сярэднімі») беларускімі гаворкамі. Улічваючы традыцыі беларускага кнігадрукавання, ён замацаваў фанетычны прынцып напісання галосных (перадачу на пісьме такіх рыс, як аканне і яканне), а для перадачы зычных – марфалагічны (горад, падтрымаць, матцы, а не горат, паттрымаць, маццы, як вымаўляецца), з некаторымі адхіленнямі ў бок фанетычнага прынцыпу, каб адлюстраваць спецыфіку беларускай мовы (дзеканне і цеканне, падаўжэнне зычных, змяненне в і л на ў у пэўных выпадках, зацвярдзенне шыпячых, р і этымалагічнага ц, асіміляцыю зычных па мяккасці тыпу аканье, сьнег, цьвёрды, разьвівацца і інш.).

Асобна быў распрацаваны правапіс запазычаных слоў у адпаведнасці з тым, наколькі яны асіміляваліся беларускай мовай: тыя, што ўжываюцца ў ёй даўно, пішуцца, як вымаўляюцца (літара, аканом, леварвэр), а тыя, «што ўжываюцца ў кніжках і ў кніжнай мове і да народу не дайшлі або дайшлі нядаўна», захоўваюць на пісьме пэўныя адметнасці той мовы, з якой яны ўзяты (літэратура, монолёг, інспэктар і інш.). Увогуле правільна былі вызначаны галоўныя граматычныя катэгорыі беларускай мовы, характэрныя для яе формы словазмянення [3, с. 82].

Аднак к сярэдзіне 1920-х гадоў y сувязі з правядзеннем беларусізацыі пашырэннем сфер выкарыстання беларускай мовы, павелічэннем колькасці людзей, якія сталі карыстацца беларускай мовай, выявіліся пэўныя недакладнасці граматыкі Б. Тарашкевіча. Некаторыя арфаграфічныя пытанні ў ёй былі недастаткова апрацаваныя, а асобныя правілы занадта складаныя.

Мэтанакіраваная рэгламентацыя і кадыфікацыя правапісу пачалася толькі ў 1920-я гады, калі беларуская мова набыла статус дзяржаўнай. Пашырэнне літаратурнай мовы ў розных сферах грамадскіх зносін патрабавала неадкладнай ліквідацыі правапісна-граматычнага разнабою.

Арфаграфічная дыскусія ў друку 1925-26 гг. выявіла шэраг нявырашаных пытанняў беларускага правапісу і графікі і неабходнасць іх рэфармацыі. Гэтае пытанне абмяркоўвала Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 г.

Пастановы, прынятыя на канферэнцыі, сталі аўтарытэтным матэрыялам у справе кадыфікацыі правапісу, хоць яны і не мелі сілы закону. Для далейшай апрацоўкі правапісу ў кастрычніку 1927 г. пры Інбелкульце была створана спецыяльная правапісная камісія, у склад якой увайшлі С. Некрашэвіч (старшыня), Я. Лёсік, В. Ластоўскі, П. Бузук, I. Бялькевіч, Я. Купала, У. Чаржынскі, А. Багдановіч. Камісія працавала па красавік 1929 г. Вынікам яе 33 пасяджэнняў стала выданне «Беларускі правапіс (праект). Апрацаваны Правапіснай Камісіяй БАН» (Мн., 1930), куды было ўключана 77 арфаграфічных правілаў. Вучоныя мелі намер у далейшым стварыць арфаграфічны слоўнік беларускай мовы. Але планы іх не ажыццявіліся з-за таго, што ў гэты час на Беларусі пачалася кампанія выкрыцця так званых «нацыяналдэмакратаў», да якіх аднеслі і большасць членаў правапіснай камісіі. Выдадзены праект правапісу быў аб'яўлены «нацдэмаўскім» трапіў на доўгі час у «спецсховы», а яго аўтары рэпрэсіраваны. Але патрэбы практыкі настойліва дыктавалі неабходнасць упарадкаваць і спрасціць правапіс.

У сакавіку 1930 г. Інстытут мовазнаўства прыступіў да падрыхтоўкі новага праекта правапісу. Закончаны і надрукаваны ў 1933 г., ён уключаў 84 правілы. Пасля абмеркавання на пасяджэннях калегіі Наркамасветы, на сходах навукова-педагагічнай грамадскасці, пісьменнікаў у яго былі ўнесены дадатковыя змены. У такім выглядзе ён і стаў асновай для Па- становы СНК БССР ад 26.8.1933 г. «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапіса». 3 улікам гэтай пастановы ў 1934 г. быў выдадзены разгорнуты і дэталёвы звод арфаграфічных правілаў «Правапіс беларускай мовы».

Урадавая пастанова змяшчала 23 палажэнні. Яны датычыліся пераважна тых правілаў, пры рэалізацыі якіх на практыцы існаваў разнабой. Пастанова складалася з пяці раздзелаў: правапіс галосных; правапіс зычных; правапіс слоў іншамоўнага паходжання; правапіс уласных імёнаў, прозвішчаў і геаграфічных назваў; марфалогія. Да яе прыняцця ў правапісе галосных найбольш складаным i спрэчным было пытанне перадачы на пісьме галосных у ненаціскных (слабых) пазіцыях. У беларускіх гаворках ненаціскны вакалізм вельмі разнастайны. Граматыка Б. Тарашкевіча замацоўвала фанетычны прынцып напісання галосных з даволі складанай формулай адлюстравання акання пасля мяккіх зычных: я ў першым пераднаціскным складзе пасля мяккіх зычных (ляснік, вясна); у другім пераднаціскным складзе – паводле прынцыпу дысіміляцыі (распадабнення): калі ў першым пераднаціскным складзе галосны а, то ў другім е (лесавік, цецярук), калі ж у першым галосныя і, ы, у, то ў другім пераднаціскным я (лясуна, цяплыня); у іншых перад- і паслянаціскных складах - е.

На Акадэмічнай канферэнцыі 1926 г. абмяркоўваліся розныя праекты спрашчэння перадачы на пісьме акання. Праект братоў Я. і А. Лёсікаў пра поўнае аканне пасля мяккіх зычных (напісанне літары я на месцы е ва ўсіх ненаціскных складах) быў адхілены. Прынялі прапанову С. Некрашэвіча: у першым пераднаціскным складзе пасля мяккіх зычных пісаць я, ва ўсіх астатніх ненаціскных складах - е. Қанферэнцыя ўхваліла прапанову Я. Лёсіка пра нязменнае напісанне (асобна) часціцы не і прыназоўніка без (не быў, без вас, не прыйшоў) незалежна ад месца націску.

Аўтары праекта 1930 г., абмеркаваўшы 5 розных варыянтаў правіла перадачы на пісьме ненаціскных галосных, у выніку прынялі прапанову Акадэмічнай канферэнцыі, але палічылі патрэбным падпарадкаваць правілу якання і напісанне часціцы не і прыназоўніка без: бяз вáс, ня скажам, але без мяне, не скажу.

Урадавая пастанова 1933 г. замацавала правіла аб перадачы на пісьме акання ў такім выглядзе, як яно было прынята на канферэнцыі 1926 г.

Новы правапіс удакладняў напісанне прыстаўнога зычнага в перад націскнымі о, у, за выключэннем геаграфічных назваў: восень, вусень, але Орша, Ула.

Рэформа 1933 г. значна ўніфікавала правапіс зычных, у аснове якога з самага пачатку развіцця новага беларускага пісьменства пераважаў фанемна-марфалагічны (традыцыйна яго называюць этымалагічным ці марфалагічным) прынцып. Сутнасць яго ў тым, што пазіцыйныя (асіміляцыйныя) змены зычных на пісьме не адлюстроўваюцца: «пішацца не так, як чуваць», г. зн. зычныя гукі слабых пазіцый незалежна ад вымаўлення абазначаюцца тымі ж літарамі, што і гукі моцных пазіцый, з якімі яны чаргуюцца ў складзе марфемы.

У граматыцы Б. Тарашкевіча гэты прынцып не паслядоўны. Асіміляцыйныя змены звонкіх – глухіх, змычных – афрыкат на пісьме не перадаюцца: хлеб, малацьба, падтрымаць (а не хлеп, маладзьба, паттрымаць), матчын, матцы (а не маччын, маццы), а пазіцыйныя змены цвёрдых – мяккіх, свісцячых – шыпячых на пісьме адлюстроўваюцца: вясьне, сьпіць, чэскі, перапішчык. Урадавай пастановай 1933 г. за- цверджана правіла: зычныя т, к, ц, ч зліваюцца з суфіксальным с у ц (сваяцкі, брацкі), а зычны д перад суфіксальным с захоўваецца (гарадскі, суседства), замест напісанняў тыпу гарадзкі, што не адпавядала ні фанетычнаму, ні фанемна-марфалагічнаму прынцыпу. Зычныя г, ж, з, к, ш у геаграфічных назвах не зліваюцца з суфіксальным с (волжскі, чэшскі). У беларускіх словах ж і ш перад суфіксальным с пісаць не рэкамендавалася (мноства, таварыства).

Рэформа 1933 г. упарадкавала, паводле прапановы аўтараў Праектаў правапісу 1930 г. і 1933 г., ужыванне апострафа перад ётаванымі галоснымі для вызначэння раздзельнага вымаўлення зычнага з наступным галосным: б'ю, з'еў, сям'я, за выключэннем л, пасля якога трэба пісаць мяккі знак: рэльеф, Васільеў. Пастановай рэгламентавалася адно з найбольш складаных і нераспрацаваных пытанняў беларускай арфаграфіі – правапіс іншамоўных слоў. Адсутнасць сталых пісьмовых традыцый і дэталёва распрацаваных правілаў, неакрэсленасць саміх прынцыпаў фанетычнага і арфаграфічнага асваення запазычанай лексікі вялі да значнага разнабою ў правапісе гэтых слоў. Пастанова 1933 г. рэгламентавала таксама правапіс уласных імёнаў, прозвішчаў i геаграфічных назваў. Упершыню правапіс слоў гэтага разраду разглядаўся ў1930 г. правапіснай камісіяй, якая зыходзіла з падзелу гэтай лексікі на 3 групы: 1) беларускія ўласныя імёны запісваць беларускім правапісам з захаваннем мясцовых асаблівасцей (Стралкоўскі, Рабцэвіч, Ганчарэнка). У дакументах і афіцыйным абыходку замест памяншальных Ясь, Ігнась і г. д. ужываць поўныя формы Ян, Іван, Базыль, Васіль, Міхаіл і Міхал і г. д.; 2) іншаславянскія імёны запісваць беларускім правапісам з перадачай акання, зацвярдзелых, дзекання, цекання, ў замест в (Катлярэўскі, Ціханаў, Шаўчэнка). Іншая фанетызацыя не дапускалася: Талстой, а не Таўсты, Позднышаў, а не Познышаў, Счастліўцаў, а не Шчасліўцаў і г. д.; 3) неславянскія імёны пішуцца паводле прынятага ў беларускай мове напісання іншамоўных слоў.

З мэтай далейшага ўпарадкавання беларускага правапісу ў канцы 1930-х гадоў распачалася арфаграфічная дыскусія, якая працягвалася і пасля вайны. Арфаграфічныя пытанні абмяркоўваліся таксама на спецыяльных канферэнцыях АН БССР у 1950 і 1952 гг. Вынікі абмеркавання паказалі, што беларускі правапіс у асноўным правільна адлюстроўвае заканамернасці беларускай літаратурнай мовы і таму не патрабуе новай рэформы. Неабходны толькі частковыя змены і ўдакладненні асобных правілаў. Арфаграфічная камісія на чале з Я. Коласам і К. Крапівой распрацавала «Праект змен і ўдакладненняў беларускага правапісу» (апублікаваны ў 1951 г., дапрацаваны ў 1956 г.), які быў зацверджаны ў маі 1957 г. спецыяльнай пастановай Савета Міністраў БССР «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу». Пастанова датычылася пераважна тых правілаў, якія былі недасканала распрацаваны рэформай 1933 г. і заставаліся крыніцай арфаграфічнага разнабою.

Так, было пашырана аканне на ўсе словы, незалежна ад паходжання. Канцавое о стала захоўвацца толькі пасля галосных (адажыо, трыо). Было ўдакладнена напісанне д, т і дз, ц у словах іншамоўнага паходжання. Больш дасканала быў распрацаваны правапіс складаных слоў, раздзяляльнага мяккага знака і апострафа. Пастанова рэгулявала і некаторыя пытанні граматыкі, не вырашаныя рэформай 1933 г., у прыватнасці ўжыванне канчаткаў назоўнікаў, дзеясловаў і іншыя.

3 улікам пастановы 1957 г. ў 1959 г. быў выдадзены збор правілаў беларускай арфаграфіі. Для далейшай стабілізацыі правапісу вялікае значэнне мелі выданні нарматыўнай «Граматыкі беларускай мовы» (т. 1, 1962) і «Беларускай граматыкі» (ч. 1, 1985), «Арфаграфічнага слоўніка»  M. Лобана і М. Судніка (1 выд., 1961; 6 выд., 1990), дапаможніка «Беларуская мова. Арфаграфія» Я. Қамароўскага (1972), нарматыўнага «Слоўніка беларускай мовы» (1987) і іншых.

Са зменай палітычнай сітуацыі ў канцы 1980-х гадоў, калі Беларусь стала незалежнай, суверэннай дзяржавай, калі сталі пашырацца сферы выкарыстання беларускай мовы, павялічвацца кола яе носьбітаў, пытанні аб новым удакладненні і ўдасканаленні правапісу зноў сталі на парадак дня. На старонках перыядычных выданняў разгарнулася арфаграфічная дыскусія, у ходзе якой выказваліся прапановы перагледзець усё тое, што было зроблена ў 1933 г. Асобныя газеты і часопісы пачалі змяшчаць матэрыялы, надрукаваныя паводле правапісу Б. Тарашкевіча.

З мэтай абмеркавання стану беларускага правапісу ў цэлым і аналізу тых канкрэтных пытанняў, якія найбольш часта былі аб'ектам дыскусіі ў перыядычным друку (гэта абазначэнне на пісьме асімілятыўнай мяккасці зычных, правапіс не/ня і без/бяз, правапіс і/й, правапіс іншамоўных слоў і інш.), Інстытутам мовазнаўства АН Беларусі сумесна з Міністэрствам адукацыі, Саюзам пісьменнікаў была арганізавана рэспубліканская навуковая канферэнцыя «Праблемы беларускага правапісу». Яна праходзіла 19–20 лістапада 1992 г. ў Мінску. Канферэнцыя пры няла пастанову, у якой адзначаецца,што ўдзельнікі канферэнцыі лічаць мэтазгодным стварыць рабочую камісію, якая павінна падрыхтаваць праект удакладненняў правапісу [3, с. 464–467].

 “23 ліпеня 2008 г. быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, які з’яўляецца вынікам шматгадовай працы вялікага калектыву навукоўцаў і зацвярджае новую рэдакцыю існуючых “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Закон уступае ў дзеянне з 1 верасня 2010 г.

Неабходнасць увядзення “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” абумоўлена наступнымі прычынамі:

выдадзены ў 1959 г., ужо даўно стаў бібліяграфічнай рэдкасцю і амаль недаступны для карыстальнікаў.

жывой  мовы, і таму ён не можа працяглы час заставацца без змен. Беларускі правапіс, які ў значнай ступені грунтуецца на фанетычным прынцыпе, асабліва адчувальны да любых змен у мове, таму ён таксама павінен перыядычна ўдакладняцца і ўдасканальвацца. Асабліва востра паўстала гэта праблема для беларускай мовы ў канцы ХХ ст., калі ў сістэме беларускай мовы і моўнай практыцы адбыліся істотныя змены. Значна абнавіўся слоўнікавы склад мовы, лексіка папоўнілася шматлікімі запазычаннямі, на старонках беларускамоўнага друку атрымалі пашырэнне варыянтныя напісанні. Усё гэта абумовіла надзённасць упарадкавання беларускага правапісу.

У падрыхтаваным Законе  Рэспублікі Беларусь “Аб  Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” істотна ўдакладнены ў адпаведнасці з сучасным узроўнем лінгвістычнай навукі фармулёўкі, абноўлены ілюстрацыйны матэрыял. Правілы па-новаму згрупаваны, што робіць іх больш зручнымі для ўспрымання і засваення. У адпаведнасці з сучаснай моўнай практыкай зменшана колькасць выключэнняў. Многія напісанні падпарадкаваны агульным правілам, што прынцыпова аблягчае навучанне беларускай мове. У прыватнасці, у правілы беларускай мовы ўнесены наступныя змены:

  1. На канцы запазычаных нязменных назваў, а таксама ўласных імён і геаграфічных назваў пасля зычных, акрамя л, к пішацца э: купэ, кабернэ, Хасэ, але сальта-мартале, камюніке.
  2. Пашыраецца прынцып перадачы акання пры напісанні запазычаных слоў. Незалежна ад паходжання слова гук [о] у ненаціскых складах вымаўляецца як [а]:, што перадаецца на пісьме: какава, Антоніа, Токіа.
  3. Ненаціскныя фіналі (канцавыя элементы) эль, эр у запазычаных словах перадаюцца як аль, ар: фламастар, шніцаль.
  4. Паводле агульнага правіла перадачы на пісьме якання ў першым пераднаціскным складзе прапанавана пісаць словы дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць (паводле дзеючых “Правіл” пішацца дзевяты, дзесяты, семнаццаць, васемнаццаць).
  5. Пашыраецца напісанне нескладовага ў у большасці слоў іншамоўнага паходжання, напрыклад: ва ўніверсітэце, пасля ўнікальнай аперацыі, фаўна і г.д. (паводле дзеючых “Правіл” пішацца ва універсітэце, пасля унікальнай аперацыі, фауна).
  6. У адпаведнасці з сучаснай моўнай практыкай уносяцца змены ў напісанне складаных і складанаскарочаных слоў. Напрыклад, прапануецца пісаць гаркам, газпрам і г. д. (паводле дзеючых “Правіл” пішацца гарком, газпром).
  7. Уніфікуецца напісанне мяккага знака ў прыметніках на –ск(і), утвораных ад уласных назваў. Прапанавана пісаць чаньчунскі, цяньшанскі, як і любанскі, астраханскі (паводле дзеючых “Правіл” пішацца чаньчуньскі, цяньшаньскі).
  8. Упарадкавана напісанне вялікай і малой літар у назвах органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах і г. д.
  9. Уведзены новы параграф “Вялікая і малая літары ў назвах асоб, звязаных з рэлігіямі, у назвах міфалагічных і казачных герояў”. З вялікай літары прапануецца пісаць асабовыя назвы божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Усявышні, Святая Троіца і інш.
  10. У пачатку і ў сярэдзіне слоў гукавое спалучэнне [й]+галосны перадаецца ётаванымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх: Нью-Ёрк, Ёфе.
  11. Рэгламентавана ўжыванне ў беларускай мове дзеясловаў іншамоўнага паходжання з суфіксам –ава- (-ява-) і –ірава- (-ырава-): ліквідаваць, а не ліквідзіраваць, акліматызаваць, а не аклімацізіраваць, але камандзіраваць, а не камандаваць, будзіраваць, а не будаваць і г.д.
  12. Уведзены новы раздзел “Правапіс некаторых марфем”, у якім у сістэмным выглядзе  сабраны   звесткі  пра   правапіс  прыставак, суфіксаў.
  13. Спрошчаны правілы пераносу слоў, што адпавядае сучасным выдавецкім тэхналогіям.

Прапанаваны іншыя ўдакладненні, якія ў цэлым робяць беларускі правапіс больш паслядоўным і несупярэчлівым. Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” з’яўляецца аптымальным у сучаснай моўнай сітуацыі ў краіне і будзе садзейнічаць стабілізацыі правапісных нормаў беларускай літаратурнай мовы” [8, c. 3–5].